3512

Кавалеўскі Арцём чытае ўрывак з апавядання Васіля Быкава «Незагойная рана»

Кавалеўскі Арцём з 67 школы г. Мінска.
Кавалеўскі Арцём з 67 школы г. Мінска. Youtube.com

Кавалеўскі Арцём з школы №67 г. Мінска прачытаў урывак з апавядання Васіля Быкава «Незагойная рана». Вельмі добры прыклад таго, што заяўляць на конкурс можна не толькі вершы, але і прозу!

Урывак з апавядання «Незагойная рана»

Тэкля некуды ішла, ужо і сама не ведала, куды і па што. Усё больш апаноўвалі яе роспач і гора, яна ведала пэўна, што шчасце не спаткае яе на гэтай дарозе. Але не магла яна і вярнуцца назад — не было ўжо сілы ў яе на тое вяртанне.

Дарога прывяла старую ў нейкі лясок. Абапал шляху цесна стаялі елкі, шумелі, гулі ў ветранай высі іх верхавіны. На доле шамацела змеценае ў каляіны лісце, блішчалі лужыны рудой, мутнай вады. Тэкля ішла па дарозе, абапіраючыся на кій, ледзь пераступаючы збалелымі натруджанымі нагамі. Аднак лес неўзабаве скончыўся, дарога пабегла ўніз да самотнай пустой лугавіны, і жанчына, схамянуўшыся, раптам спынілася.

На пагорку, збоч ад дарогі, на ўзлеску незвычайна ярка і чыста неяк у гэты халодны восеньскі вечар бялеў каменны абеліск з зоркай наверсе — звычайны вайсковы помнік тым, хто не дайшоў да Берліна. Хістаючыся ад горкіх прадчуванняў, што хлынулі ў яе душу, Тэкля сышла з дарогі і, узнімаючы нагамі некрануты пласт шапатлівага лісця, падалася да помніка.

Ён быў дагледжаны, падпраўлены і нядаўна пабелены, гэты журботны напамінак вайны. Невялікая магілка з завялай травою і высахлымі немудрагелістымі вянкамі старанна падраўнана; пагабляваныя штакеціны агарожы афарбаваны зялёнай фарбай — як і належыць вайскоўцам. На адным баку абеліска чарнела ўмураваная ў яго дошчачка з не дужа зграбна напісанымі, але выразнымі літарамі — спісам пахаваных байцоў. У роспачы павісшы грудзьмі на агарожы, старая ўпілася ў гэтыя радкі жалобных слоў.

Не, яго не было тут. «Лейтэнант Авер'янаў, гвардыі старшына Кузняцоў, радавыя Бондараў, Піліпенка, Чарных і іншыя». Але хто ж гэтыя іншыя, чаму не напісаны іхнія імёны? А можа і ён тут у ліку гэтых невядомых «іншых».

Яна ўжо не магла ісці адгэтуль, учапілася рукамі ў халодныя штакеціны, і з глыбіні яе жарам гарэўшых грудзей вырвалася страшнае пытанне:

— Сыночак мой, дзе ж ты?

Васіль Быкаў

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно