661

29 чэрвеня ў Белдзяржфілармоніі прагучаць класіка і джаз

Канцэрт, у якім прымуць удзел легенда сусветнага джаза Лешак Можджэр і беларускі піяніст-віртуоз Кірыл Кедук, прымеркаваны да 25-годдзя падпісання Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве.

Арганізатары канцэрта -Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Мінску, Музычны Дом “Класіка”, Белдзяржфілармонія і Дзяржаўны Камерны аркестр Беларусі.

Салісты з Польшчы і Беларусі разам з аркестрам прадставяць яскравую праграму, у якую ўвайшлі творы беларускіх і польскіх кампазітараў: “Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам №1” Ф. Шапэна, выдатны прыклад беларускай сучаснай музыкі – “Consort Lessons” А. Літвіноўскага, джазавыя імправізацыі сола і з аркестрам Л. Можджэра, а таксама знакаміты твор на два фартэпіяны “Варыяцыі на тэму Паганіні” В. Лютаслаўскага.

Паводле Матэўша АДАМСКАГА, дырэктара Польскага Інстытута ў Мінску, вельмі важна, што гэта мерапрыемства адбудзецца: 
- Выбітныя беларускія і польскія музыканты выканаюць творы выдатных кампазітараў Беларусі і Польшчы, і ўсё гэта з вельмі важнай нагоды 25-годдзя падпісання Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве. Для мяне, як дырэктара Польскага Інстытута ў Мінску, адной з самых вялікіх мараў было запрашэнне ў Мінск Лешака Можджэра, але я нават не спадзяваўся, што яна здзейсніцца так хутка. Я шчыра перакананы: нам усім пашанцавала, што гэты канцэрт, прысвечаны 25-годдзю нашых дабрасуседскіх адносінаў, адбудзецца. Як вядома, у сяброўстве паміж нашымі краінамі былі шарахаватасці, але вельмі радасна, што за больш чым 12 апошніх месяцаў назіраецца пастаяннае паляпшэнне ўзаемных адносінаў. Таксама хацелася б адзначыць, што на канцэрце будзе прысутнічаць ганаровая госця Эльжбета Смулкoва – першы амбасадар Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь.

Што нас аб’яднае

Цікава, што абодва музыканты маюць сувязь з беларускім Гродна. Кірыл Кедук нарадзіўся ў горадзе над Нёманам, а ў Лешака Можджэра ў свой час з Гродна ў Польшчу пераехалі бабуля з дзядулем.
- Таму я добра адчуваю сабе ў Беларусі, - падзяліўся сусветна вядомы польскі музыкант Лешак МОЖДЖЭР. – І вельмі шчаслівы, што мы разам можам ствараць музыку. Музыка – вельмі цудоўная з’ява, таму што яна ніяк не можа падмануць і не мае ніякіх межаў. Мы спадзяемся, што ўсе наведвальнікі канцэрта адчуюць гармонію. А мы будзем дзеля гэтага старацца.

Беларускі піяніст-віртуоз Кірыл КЕДУК дадаў:
- Для мяне ўдзел у гэтым канцэрце – вялікая падзея і вялікі гонар выступаць на адной сцэне з такім фантастычным артыстам, як Лешак Можджэр, і такім цудоўным калектывам, як Камерны аркестр Рэспублікі Беларусь. Музыка – гэта вельмі добры шанец пагаджаць розныя канфлікты. На мой погляд, павінна існаваць “музычная дыпламатыя”, таму што менавіта музыка, менавіта мастацтва сапраўды аб’ядноўваюць і пагаджаюць людей.

Мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі Юрый ГІЛЬДЗЮК нагадаў, што сяброўства Белдзяржфілармоніі і Польскага Інстытута ў Мінску доўжыцца каля 15 гадоў:
- Мы вельмі даражым гэтымі адносінамі. Толькі за першую палову 2017 года мы ўжо правялі 5 сумесных мерапрыемстваў. Белдзяржфілармонія заўсёды прымае цудоўных музыкантаў з Польшчы, якія выступаюць у розных жанрах і канцэрты якіх цікавяць публіку.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно