1695

Дазвольце Яму прыйсці. Пасланне Тадэвуша Кандрусевіча на Каталіцкае Раство

"Аргументы и факты" в Беларуси № 51 20/12/2016
Жадаю поўні ласкі Немаўляці Езуса і Яго супакою на святы Божага Нараджэння і на наступаючы Новы 2017 Год!
Жадаю поўні ласкі Немаўляці Езуса і Яго супакою на святы Божага Нараджэння і на наступаючы Новы 2017 Год! АиФ

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, людзі добрай волі, суайчыннікі!

Сардэчна вітаю вас усіх гэтым святочным воклічам і віншую з радасным і поўным духоўнага зместу святам Божага Нараджэння.

Евангелле прадстаўляе кранальную сцэну Божага Нараджэння. Марыя з Юзафам шукаюць месца, дзе мог бы нарадзіцца Збаўца свету. Яны стукаюць у дзверы розных дамоў і гатэляў, але іх нідзе не прымаюць. Сапраўды, як кажа св. апостал Ян, Езус прыйшоў да сваіх, але яны Яго не прынялі.

Гісторыя Бэтлеемскай ночы не завяршылася. Езус стукае ў дзверы нашых сэрцаў. Ён хоча быць з намі і адарыць нас Сваім словам і збаўчай ласкай.

Ці дзверы нашых сэрцаў адчыненыя? Ці чакаем мы Езуса? Ці ахвотна Яго прымаем?

Наш спадарожнік

Мы заўсёды імкнемся да нейкай мэты. Хочам быць багатымі, славутымі, папулярнымі. Аднак спаўненне ўсіх гэтых жаданняў не можа нас задаволіць да канца, аб чым сведчыць штодзённае жыццё.

Таму мы павінны імкнуцца да таго, што ніколі не завершыцца і будзе працягвацца вечна, - менавіта да Бога. Нездарма св. Аўгусцін кажа, што не супакоіцца сэрца чалавека, пакуль не спачне ў Богу.

Нараджэнне Хрыста - гэта ўваход бязмежнага Бога ў вобразе малога бездапаможнага дзіцяці ў гісторыю чалавецтва з мэтай прыняць на Сябе яго грахі і перажыць драму як аддалення, так і вяртання чалавека да Бога.

Дзякуючы таямніцы Уцелаўлення Бог з чалавечым сэрцам і тварам прыйшоў на нашу зямлю і стаў нашым спадарожнікам на шляхах нашага жыцця.

Таму Божае Нараджэнне - гэта штогодняя магчымасць паглыбіць прысутнасць Бога сярод нас і нашу еднасць з Ім з мэтай аднаўлення нашага духоўнага жыцця ў адпаведнасці з духам Евангелля і вучэннем Касцёла.

Свабода - у Боге

А аднаўляць ёсць што. Сучасны свет усё больш і больш акунаецца ў розныя крызісы, ліхаманкава шукае выйсця з іх, але, абапіраючыся толькі на свае чалавечыя сілы і магчымасці, не можа знайсці. Пры гэтым ён забываецца, што прычыну ўсіх крызісаў найперш неабходна шукаць у маральным крызісе, які завалодаў чалавецтвам, а выйсце з яго - у Божай дапамозе. Езус нездарма сказаў, што без Яго нічога не зможам зрабіць.

Чалавецтва перажывае крызіс сям’і як галоўнай клеткі кожнага грамадства. Дэвальвуецца Божы дар жыцця, якое становіцца таварам. Новымі багамі становяцца славутыя артысты, спартоўцы, палітыкі, багацце і г.д. Пашыраецца практыка супярэчных духу хрысціянства магіі, акультызму, астралогіі, азартных гульняў і т.п., што ўцягвае чалавека ў новыя залежнасці, якія вядуць да жыццёвых трагедый.

Гэтыя і ім падобныя паталогіі сучаснага свету ўспрымаюцца як прагрэс, праяўленне свабоды і рэалізацыя правоў чалавека, пры гэтым мы забываемся пра правы Бога. Усё гэта чыніць чалавека залежным, а не свабодным, і вядзе да зневажання чалавечай годнасці - яна становіцца запраграмаваным аб’ектам, з якім можна рабіць усё што хочацца, як кажа Папа Францішак. Падобна таму як законы фізікі няўмольныя - немагчыма доўга стаяць на нахільнай паверхні, таксама немагчыма нармальна жыць, не захоўваючы Божы закон.

Нашы продкі падчас ганенняў на Касцёл захавалі веру і выйгралі з несвабодай, а ці мы выйграем са свабодай, якая з’яўляецца вельмі патрабавальным выклікам?

Пачуць стук Езуса

Каляды прыходзяцца на час зімовага сонцастаяння. Падобна таму як святло прабіваецца падчас самай цёмнай пары года, таксама і Божае Нараджэнне дае нам магчымасць духоўна адрадзіцца і ўзрастаць у Божым святле, якое свеціць у духоўнай цемры сучаснага свету.

Таму мы павінны засяродзіцца не толькі і не столькі на знешнім святкаванні Божага Нараджэння, але на яго сутнасці. Менавіта, ці мы дазваляем Езусу нарадзіцца ў нашых сэрцах і душах, каб Яго духоўная энергія дапамагла нам вырашыць праблемы і крызісы, з якімі мы сустракаемся.

У цішыні Бэтлеемскай Ночы ўважліва прыслухаймася і пачуем стук Езуса ў дзверы нашых сэрцаў, не боймася прыняць Яго, а Ён нас духоўна пераменіць і адорыць новай надзеяй.

Няхай Езус сваёй ласкай нараджаецца ў вашых душах, каб быць прысутным на вашых жыццёвых шляхах, як той, які ёсць дарогай, праўдай і жыццём.

Віншую хрысціян іншых канфесій, якія сёння святкуюць Божае Нараджэнне. Жадаю ім поўні святочнай радасці і дароў Нованароджанага Збаўцы.

Са словамі найлепшых пажаданняў звяртаюся да праваслаўных братоў і сясцёр, якія перажываюць благаслаўлёны час падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння паводле юліянскага календара, каб праз два тыдні мы аб’ядналіся ў супольным святкаванні радаснай таямніцы Уцелаўлення Сына Божага.

Віншую ўсіх людзей добрай волі. Каляды належаць усяму свету, бо Сын Божы стаўся чалавекам дзеля збаўлення ўсіх людзей.

Усім вам, дарагія браты і сёстры, суайчыннікі, жадаю поўні ласкі Немаўляці Езуса і Яго супакою на святы Божага Нараджэння і на наступаючы Новы 2017 Год!

Арцыбіскуп
Тадэвуш Кандрусевіч

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно