4036

Пастырскае пасланне на Божае Нараджэнне

№ 52 от 23 декабря 2014 года 23/12/2014

Езус як Божы дар чалавецтву прыйшоў на нашу зямлю, каб нас прывесці ў неба. Ён цярпеў, каб нас выбавіць ад вечага цярпення. Ён памёр на крыжы, каб нас выратаваць ад вечнай смерці. Ён прынёс на зямлю боскае жыццё, каб аднавіць утрачаны жыватворчы запавет чалавека з Богам. Ён прайшоў шляхам чалавечага жыцця, па якім ідуць усе людзі. Ён паказаў нам дарогу ў Божае Валадарства.

Таму мы сапраўды шчаслівыя, бо маем такі вялікі дар, якога ніхто не можа ад нас адабраць. Гэты Божы дар мы атрымалі не ў прыгожай упакоўцы, але ў простых яслях. Там Бог пакінуў нам свой калядны падарунак, перавязаны не залацістай стужкай, але любоў’ю, якая прывяла Яго на дрэва крыжа. Аднак смерць не змагла знішчыць гэты найбольш каштоўны падарунак Бога чалавецтву. Ён сваёю Божай моцай выйшаў з цёмнай магілы, бо гэты жывы дар нам дадзены назаўсёды.

Бог дае нам найбольш каштоўны дар, якім ёсць Яго Адзінародны Сын, а мы павінны праслаўляць Яго сваёй малітвай, прыкладным хрысціянскім жыццём і служэннем іншым. Для гэтага найперш неабходна самім бачыць гэты дар, Яго прыняць і Iм жыць.

Цяпер мы перажываем рашучы момант гісторыі хрысціянства, калі трэба сказаць наша рашучае «так» Богу і Евангеллю, бараніць прынцыпы нашай веры, як гэта рабілі нашы продкі ў папярэднія часы, асабліва ў часы ганенняў. Папа Бенэдыкт XVI вучыў, што Збаўца стаў адным з нас, нашым спадарожнікам на дарогах гісторыі. Неабходна толькі ўхапіцца за руку, якую Ён працягвае нам.

Гэтай рукой ёсць прапанаваная ўсім народам Добрая Навіна. На беларускую зямлю Евангелле было прынесена больш за тысячу гадоў таму. Яно стала Божым дарам нашаму народу і працягнутай нам Божай рукой, а таксама запрашэннем ухапіцца за яе, бо Езус нічога не адбірае, толькі дае святло жыцця і адорвае сваёй ласкай.

Паводле Тэртуліяна Бог так прынізіў сябе, каб чалавек мог стаць вялікім. У гэтых словах крыецца сэнс Божага Нараджэння.

Нашыя сэрцы павінны стаць яслямі, дзе Бог адорвае нас найкаштоўнейшым дарам свайго Сына і Ягонай ласкі. Таму ў нашых штодзённых клопатах не забудземся засяродзіць свой позірк на Немаўляці Езусе, каб Ён нас змяніў і ўмацаваў.

Са святам, дарагія браты і сёстры! Віншую ўсіх вас!

Няхай наша Бацькаўшчына стане яслямі, дзе заўсёды нараджаецца Хрыстус, каб Ён сваёй ласкай быў дарам кожнаму з нас.

Беларусь, не бойся прыняць Хрыста, не бойся жыць Ягонай праўдай, бо ў Ім наша збаўленне, наша радасць, шчасце і надзея!

Дзелячыся з усімі вамі традыцыйнай аплаткай, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч,
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскi

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно