Антон Трофимович 0 12660

Юрый ЖЫГАМОНТ: Наша сіла - у гісторыі

Статья из газеты: 29/05/2013

Тыя, хто кажуць, што ў Беларусі няма чаго глядзець, не ведаюць, што плятуць.

Не так даўно ад Міністэрства культуры ён атрымаў нагрудны знак «За ўклад у развіццё культуры Беларусі». Пра тое, чаму вядучы сышоў з тэатра, адкуль у яго цікавасць да гісторыі і чаму большасць выпускаў здымаюцца ў вёсках,  Юрый Жыгамонт распавёў «АіФ».

Без прыроды - нікуды

Дасье
Юрый Жыгамонт нарадзіўся ў вёсцы Дзямідаў Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці. Атрымаў спецыяльнасць кіроўцы вежавых кранаў у прафесійна-тэхнічным вучылішчы. У 1994 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. З 1994 па 2000 год - актор тэатра «Вольная сцэна», з 2001 па 2011 год - актор Тэатра юнага гледача. З 2001 года - вядучы тэлеперадачы «Падарожжы дылетанта» (з 2001 да 2006 года - на БТ, ад 2006-га - на СТВ). Прозвішча Жыгамонт - сапраўднае. Юрый не ведае, ці належыць ён да шляхецкага роду, але кажа, што ў родным Палессі пасля паўстання Касцюшкі хавалася шмат паўстанцаў, ад якіх і мог пачацца ягоны род.

Па першай адукацыі Юрый Жыгамонт - кіроўца вежавых кранаў. Пасля прафтэхвучылішча ён яшчэ скончыў тэатральны інстытут і потым доўгі час быў акторам Тэатра юнага гледача. У 2001 годзе ў яго з’явілася дадатковая праца - вядучы новай тэлеперадачы «Падарожжы дылетанта» (потым перадача змяніла назву на «Новыя падарожжы дылетанта», а сёння завецца «Прыгоды дылетанта»). І вось ужо два гады гэта яго адзіная праца.

- Не шкадую, што сышоў з тэатра, - кажа Жыгамонт. - У тэатры мне заўжды нешта замінала. І калі я думаю, чаму там не застаўся, дык прыходжу да высновы, што тэатральны я скончыў для таго, каб заняцца «Падарожжамі дылетанта».

Юрый Жыгамонт кажа, што гісторыя яму была цікавая яшчэ з дзяцінства. Захапленне пачалося з дзедавых расповедаў пра колішнія часы. З часам гэтае захапленне перарасло ў хобі, а потым стала ягонай працай.

- Казкі і гісторыі, што я пачуў ад дзеда і бацькоў у дзяцінстве, і сёння часам выкарыстоўваю ў сваіх перадачах.

Адтуль жа, з дзяцінства, і цяга Юрыя Жыгамонта да вёскі і да прыроды. Жывучы ў Мінску, ён дагэтуль не можа доўгі час заставацца ў горадзе і выязджае ў родную вёску ў Нараўлянскім раёне.

- Я наогул раю вяртацца да прыроды, да свайго. Паехаць на вёску на пару дзён, проста пабыць на прыродзе, схадзіць у лес, да рэчкі, на могілкі. Там, на прыродзе, ты напаўняешся неўміручымі жыццёвымі сіламі.

Вядучы ўпэўнены, што нашы продкі-паганцы мелі рацыю, калі адухаўлялі зямлю, ваду, дрэвы ды камяні. І тое, што сёння многія людзі пачынаюць ізноў звяртацца да паганства - аднаўляць закінутыя некалі прошчы, браць адтуль зямлю, - цалкам натуральна.

- Чым было дрэнна ведаць, што ў рэчцы жыве бог і што ваду гэтую забруджваць - вялікі грэх? Калі б сучасныя людзі верылі ў гэта, ведалі, што могуць быць пакараныя богам вады, яны бы яе не забруджвалі. І не трэба замінаць прыродзе. Мы жывем у сусвеце, які жывы. Трэба жыць у суладдзі з ім, а не быць у ім царом і богам.

Аб’ехаць ВКЛ

У тым ліку і з прычыны яго стаўлення да прыроды большасць выпускаў перадачы - пра вёскі, а не гарады.

- Вёска мне больш падабаецца. Мне там утульна, спакойна так. А горад - там іншае жыццё.

Тое, што гісторыі беларускіх вёсак пакуль не такія вядомыя, таксама робіць іх больш цікавымі для даследвання, чым гарады. Напрыклад, адна з апошнiх вандровак «дылетанта» была ў вёску Пярэдзелка Лоеўскага раёна. Вёска месціцца недалека ад мяжы з Украінай на высокім беразе Дняпра. Там стаіць палац шляхцічаў Рудзіеўскіх пачатку XIX стагоддзя, пра які ўвогуле мала хто чуў.

Неабыякавы Юрый Жыгамонт таксама і да традыцыйнай вясковай архітэктуры. Старыя драўляныя дамы, лічыць ён, трэба не пускаць на дровы, як гэта зараз робіцца, а захоўваць.

- Дрэва - гэта тое, што ёсць у нас. Драўлянае дойлідства знікае, і гэтую спадчыну варта захоўваць.

У той жа час не абмінаюць аўтары перадачы і гарады. Нядаўна выйшла перадача пра адзін з мікрараёнаў Гомеля. Менавіта так, па частках, яны збіраюцца расказваць пра гісторыю беларускіх гарадоў. Па-іншаму ў 26 хвілін перадачы не ўкласціся.

Вялікая ж мара Юрыя Жыгамонта - зрабіць серыю выпускаў пра гарады, мястэчкі і вёскі ўсяго былога Вялікага княства Літоўскага. Здымачная група тэлеперадачы ўжо была ў Смаленску і Беластоку. Але гэтага зусім недастаткова.

- Узяць толькі Украіну. У былыя часы мы разам змагаліся супраць татар. Луцк - гэта ўвогуле другая сталіца Вялікага княства. Вялікі князь Вітаўт будаваў там замак. А роды Астрожскіх, Вішнявецкіх - яны ўсе былі з Украіны. І там такая цікавая гісторыя для нас, беларусаў! Тое самае і ў Літве.

Сіла - у нас саміх

І праз 12 гадоў ад выхаду першых «Падарожжаў дылетанта» аўтарам ёсць пра што здымаць новыя перадачы. Такім чынам яны даказваюць, што ў Беларусі досыць помнікаў, і за кожным з іх - неверагодная гісторыя.

- Беларускай гісторыі хапіла ўсім нашым суседзям: і Літве, і Польшчы, і Расіі. І нам яшчэ засталося. Шкада, што тэма гісторыі Беларусі мала актуалізуецца. Людзі не цікавяцца і таму і кажуць, што ў Беларусі няма чаго глядзець. Мірскі замак, Нясвіжскі палац, Белая Вежа - гэта ўсё, пра што вядома. А насамрэч у нас яшчэ валам розных палацаў, касцёлаў ды цэркваў, вартых увагі.

Тым часам мясцовыя жыхары з усёй Беларусі нярэдка запрашаюць здымачную групу наведаць сваё мястэчка ці вёску ды зрабіць перадачу. У іншых вёсках - наадварот: людзі пачынаюць цікавіцца гісторыяй свайго паселішча пасля таго, як пабачаць выпуск перадачы па тэлебачанні.

- Прыемна, калі пасля перадачы мясцовыя жыхары зацікавіліся гісторыяй сваёй вёскі. Недзе ў мясцовай школе, мне распавядалі, нават стварылі музей пасля выхада праграмы. Людзі зацікавіліся гісторыяй і сталі збіраць інфармацыю пра свае палацы, капліцы ды касцёлы.

Менавіта ў веданні сваёй гісторыі, кажа Юрый Жыгамонт, і ёсць сіла народа. Ён параўноўвае Беларусь з хлопцам-сіратой. Той хлопец жыў у дзіцячым інтэрнаце, быў ён забіты і зацюканы. Але аднойчы бабуля прывезла яму фотаздымкі ягоных бацькоў. Калі хлопец даведаўся, кім былі яго бацькі, ён проста ў момант перамяніўся.

- Так і беларусы. Калі б мы ведалі свае карані, мы былі б іншымі людзьмі: пачалі б горы пераварочваць. Я думаю, у будучым гэта настане. Калі беларусы вернуцца да сваіх каранёў, да сваёй гісторыі - яны будуць чэрпаць сілу з гэтага. І тады ў нас будзе самая моцная краіна свету. Моц - яна ў нас саміх.

5 нечаканых фактаў з «Прыгодаў дылетанта»

  • Астраномам усяго свету вядомы беларускі горад Брагін. Менавіта тут у пачатку XIX стагоддзя выпаў вялікі метэарытны дождж, пасля чаго метэарыты адсюль былі развезеныя па музеях свету. А ў мясцовым музеі ёсць «каменьчык» вагой 38 кг.
  • На гербе вёскі Парычы Светлагорскага раёна выяўлены леў з высунутым языком (яго вёска атрымала ў спадчыну ад горада Казіміра, які быў на месцы вёскі раней). Па сцвярджэнні гісторыкаў, падобная выява льва на гербе - вельмі рэдкая з’ява. Вядома, што такую ж выяву герба мае толькі Швецыя.
  • У вёску Ізабелін Ваўкавыскага раёна з’язджаліся моднікі з усяе Еўропы. Менавіта тут у пачатку XIX ст. была створана адна з першых ткацкіх фабрык, дзе працавалі вопытныя нямецкія майстры.
  • Для будаўніцтва касцёла ў вёсцы Лучай князі Пузыні ў XVIII стагоддзі запрасілі італьянскага архітэктара Карла Спампані, які выкарыстоўваў тэхналогіі, вядомыя яшчэ ў Старажытным Рыме.
  • З вінакурні Ціхінічы, што на Рагачоўшчыне, спіртныя напоі дасылаліся нават да імператара ў Санкт-Пецярбург.

Загрузка...
Загрузка...

REDTRAM
NNN
Оставить комментарий
Вход
Комментарии (0)

  1. Пока никто не оставил здесь свой комментарий. Станьте первым.


Все комментарии Оставить свой комментарий
Газета

Актуальные вопросы

  1. Какой штраф за разговор по телефону за рулем автомобиля?
  2. Можно ли вырезать аппендицит заранее?
  3. Почему на Западе можно работать дома, а у нас штрафуют за минуту опоздания?
REDTRAM
NNN

Новое на AIF.by