3299

Тэатр імя Янкі Купалы адкрыў новы, 95-ы сезон

№ 37 от 10 сентября 2014 года 10/09/2014

Сёлета купалаўцы адзначаюць унікальную дату - 70-годдзе славутай «Паўлінкі», пастаўленай Львом Літвінавым у 1944 годзе менавіта ў Томску, дзе тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Выступленне ў гэтым горадзе адметнае яшчэ і таму, што трупа вяртаецца ў месца, дзе было прынята рашэнне звярнуцца да Савецкага ўраду з просьбай надаць тэатру імя Янкі Купалы - фактычна звацца купалаўцамі.

Тэатр выступіць у рамках Дзён беларускай культуры па запрашэнні губернатара Томскай вобласці. Адкрыццё сезона заклікана аддаць даніну памяці нашым славутым суайчыннікам, аўтарам і ўдзельнікам спектакля, які стаў візітнай карткай беларускага тэатральнага мастацтва. Акрамя «Паўлінкі», падчас гастроляў у Томску Купалаўскі тэатр прадставіць 10 верасня «Ноч на Каляды» ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна і 11 верасня - «Офіс» у пастаноўцы Кацярыны Аверкавай.

Упершыню купалаўцы апынуліся ў Томску ў 1941 годзе. Вайна заспела тэатр на гастролях у Адэсе. Трупе давялося, не вяртаючыся ў Мінск, эвакуiравацца ў Сібір. Гасцінны Томск прытуліў артыстаў і даў мажлівасць працаваць у будынку свайго гарадскога тэатра, дзе цяпер размяшчаецца Тэатр юнага гледача. З усіх канцоў Савецкага Саюза ў Томск сталі з’язджацца сваякі і былыя супрацоўнікі тэатра, якім удалося вырвацца з акупаванай Беларусі.

Артысты рыхтавалі эстрадныя праграмы для сібіракоў, якіх накіроўвалі на фронт, цяжкапараненых, перавезеных у тыл, рабочых абаронных заводаў і калгаснікаў. Узнаўлялі найлепшыя спектаклі з тых, што прадстаўлялі ў Мінску. Прычым ім даводзілася перавучваць ролі на рускай мове, дапамагаць рыхтаваць дэкарацыі, шыць касцюмы, ствараць бутафорыю і рэквізіт.

- Томскі глядач палюбіў наш тэатр, палюбіў акцёраў - ён ведаў іх не толькі на сцэне, але і ў жыцці, сціпла, па-бежанску апранутых, простых і працавітых, усюды, дзе былі патрэбны не толькі тэатральны талент, але і рукі, - узгадваў заслужаны артыст БССР Яўген РАМАНОВІЧ.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно