1160

У Мінску прэзентавалi кнігу і мультфільм «Маленькі прынц» на роднай мове

Интернет-источник

«Маленькі прынц» — найбольш чытаемая кніга з твораў на французскай мове, прызнаная таксама найлепшай кнігай XX стагоддзя ў Францыі. Пераклады «Маленькага прынца» існуюць на 300 мовах і дыялектах, у тым ліку на беларускай.

Фото: velcom

Першае і адзінае выданне «Маленькага прынца» на беларускай мове ўбачыла свет у 1989 годзе. У цяперашні час толькі некалькі экземпляраў даступныя для чытачоў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Таму ў межах серыі «Добрая кніга» пры падтрымцы кампаніі velcom з’явілася перавыданне «Маленькага прынца» на беларускай мове. Значную частку тыража плануецца перадаць у бібліятэкі беларускіх сярэдніх школ.

«Маленькі прынц» – гэта не толькі адзін з самых вядомых, але і самых глыбокіх твораў сусветнай літаратуры. І пераклад Ніны Мацяш выдатна перадае ўсе нюансы гэтага тэксту ў беларускім гучанні. Спадзяюся, дзякуючы перавыданню кнігі яшчэ больш чытачоў, дарослых і малых, змогуць ацаніць глыбіню гэтага твора і прыгажосць беларускай мовы», – адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў.

Фото: velcom

Выданне беларускамоўнай версіі «Маленькага прынца» працягвае шэраг ініцыятыў кампаніі velcom і «Атлант Тэлекам» па падтрымцы беларускай мовы. У 2017 годзе брэнды сталі партнёрамі праекта «Беларускія ўікенды», мэтай якога з’яўляюцца пераклад і агучванне сусветна вядомых кінафільмаў на беларускую мову. У межах гэтага праекта 23-25 чэрвеня адбудуцца паказы мультфільма «Маленькі прынц», персанажы якога загавораць па-беларуску галасамі такіх акцёраў, як Ганна Хітрык, Святлана Цімохіна, Зміцер Бейнарт-Саладуха, Павел Харланчук, Сяргей Жбанкоў, Уладзімір Глотаў. Папярэдні паказ гэтай кранальнай гісторыі для журналістаў адбыўся на даху галоўнага офіса velcom разам з прэзентацыяй кнігі.

23-25 чэрвеня паказы мультфільма «Маленькі прынц» у кінатэатры «Масква» адбудуцца для ўсіх жадаючых. Пачатак сеансаў – у 19:00.

Акрамя Мінска, сустрэчы з «Маленькім прынцам» чакаюць жыхароў Гомеля, Гродна і Магілёва.

«Мы вельмі рады, што ў жыхароў іншых гарадоў таксама з’явіцца магчымасць  паглядзець добрае кіно на вялікім экране ў прафесійнай беларускай агучцы. У кожным горадзе адбудзецца па 2-3 паказы «Маленькага прынца», а таксама прэзентацыя кнігі. У далейшым праект будзе пашырацца не толькі тэрытарыяльна, але і з пункту гледжання кантэнту - так, акрамя сусветна вядомых фільмаў мы плануем агучваць кінанавінкі», – расказаў кіраўнік праекта «Беларускія ўікенды» Андрэй Кім.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно