1164

Беларуская Жанна Д'Арк. Адбылася прэм'ера балета «Анастасія»

"Аргументы и факты" в Беларуси № 45. Красный день календаря 06/11/2018
«Гэта харэаграфічная легенда, у якой мы дапускаем пэўны адсотак выдумкі, уяўлення».
«Гэта харэаграфічная легенда, у якой мы дапускаем пэўны адсотак выдумкі, уяўлення». Фото из открытых источников

- Я шмат працаваў над гісторыяй княгіні Анастасіі Слуцкай, напісаў сцэнар фільма, і, калі ў Вялікім тэатры вырашылі паставіць балет пра Анастасію, да мяне звярнуўся Уладзімір Паўлавіч Грыдзюшка, - распавеў лібрэтыст. - Для мяне гэта зусім новы жанр, я ніколі не пісаў ні оперных, ні балетных лібрэта. Звычайна ўсе хваляць мае дыялогі, а тут мой тэкст - толькі імпульс для стварэння музычных і харэаграфічных карцін, я тут як нямы!

Мне паставілі складаную задачу - трэба было напісаць лібрэта, якое не мела б нічога агульнага з фільмам. І зараз я магу сказаць: гэта іншая гісторыя, забудзьцеся пра фільм!

Ганаровая прапанова

Музыку да балета напісаў Вячаслаў КУЗНЯЦОЎ. Кампазітар адзначыў:

- Мне паступіла вельмі ганаровая для кампазітара прапанова ад Вялікага тэатра - напісаць музыку да новага балета нацыянальнай тэматыкі. Была створана творчая група - балетмайстар Юрый Траян, мастакі Аляксандр Касцючэнка і Кацярына Булгакава, дырыжор Андрэй Галанаў, я, і мы прыступілі да працы.

Тэма, на якой мы спыніліся, гісторыя жыцця Анастасіі Слуцкай, аказалася аптымальным варыянтам, задавальняючым усіх стваральнікаў. Для мяне яна таксама цікавая, блізкая. Раней мяне прыцягвала абстрактнае дзеянне, а ў апошні час я больш схіляюся да сюжэтнага тэатру, да ўвасаблення пачуццяў, іх руху. Бо ёсць гісторыя, а ёсць фантазія, і гэта як раз тое, што звязана з пачуццямі. Чалавечыя пачуцці - яны не змяняюцца, яны і тысячу гадоў таму былі такімі ж, і праз тысячу, калі чалавецтва не згіне, такімі ж i застануцца. Каханне, рэўнасць, здрада, падступства - усё на гэтым пабудавана.

Я не ўпершыню дакранаюся да тэмы беларускай гісторыі гэтага перыяду: быў напісаны балет «Вітаўт», а таксама і іншыя творы. Але кожны раз я спрабую мадэляваць гэты музычны сусвет нанова, шукаю новы погляд, не хачу паўтарацца. У «Анастасіі» моцная татарская тэматыка, яна дае новыя музычныя і драматургічныя ідэі. Я, магчыма, нават некалькі фарсіраваў гэтую ўсходнюю тэму, каб узмацніць кантраст і ўнутры самога твора, і паміж двума маімі беларускімі балетамі. У партытуры я павялічваю ўдарную групу аркестра, але не выкарыстоўваю ніякіх асаблiвых сродкаў, не ўводжу дадатковых інструментаў - ні аўтэнтычных беларускіх, ні экзатычных татарскіх. Я глыбока перакананы, што сродкамі сімфанічнага аркестра можна перадаць якія заўгодна гучанні. Мы ствараем балет, а гэта высокі акадэмічны жанр са сваімі традыцыямі і шырокімі магчымасцямі.

Фото: Фото из открытых источников

Легенда

Па словах Юрыя ТРАЯНА, балетмайстра-пастаноўшчыка, гэты балет не з'яўляецца гістарычным даследаваннем, хоць у ім і выкарыстоўваюцца пэўныя гістарычныя моманты, нейкія факты з рэальных біяграфій нашых герояў.

- Каб аб'яднаць дзеянне i зрабіць яго дынамічным, мы пастараліся спалучыць біяграфію галоўнай гераіні і біяграфію князя Міхаіла Глінскага. Гэта харэаграфічная легенда, у якой мы дапускаем пэўны адсотак выдумкі, нашага ўяўлення, нейкіх матываў, здольных дапамагчы нам пабудаваць гэты спектакль, а гледачам - успрымаць яго досыць арганічна і цэласна, - адзначыў балетмайстар. - Нам вельмі важна, каб глядач сачыў за дзеяннем з нарастаючай увагай. У наш час выбудоўваць балет так, як рабіліся класічныя спектаклі (дапусцім, тры акты з дывертысментамі, устаўнымі нумарамі, адгалінаваннямі), наўрад ці актуальна. Зараз у кожнай гiсторыi павінен быць маленькі дэтэктыў, нечаканасць сюжэтнага павароту. Менавіта дынаміка развіцця дзеяння і сюжэтная непрадказальнасць выклікаюць цікавасць.

І самае галоўнае. Нашай асноўнай мэтай не было паказаць Анастасію выключна як ваяўніцу, беларускую Жанну Д'Арк. Мяне больш цікавіць яе шлях з юнацтва - ад чыстай і беззаганнай дзяўчыны праз пэўныя жыццёвыя калізіі, якія паступова гартавалі яе характар, яе супраціўляльнасць i псіхалагічную гатоўнасць да нейкага вельмі сур'ёзнага рашэння, вельмі сур'ёзнага ўчынка. Я не веру ў тое, што людзі цяплічнага выхавання, трапляючы ў вельмі складаныя жыццёвыя сітуацыі, могуць іх адолець. У такой сітуацыі можа зрэагаваць і паказаць сябе годна толькі чалавек, які пражыў складанае жыццё. Вось гэтае складанае жыццё i было цікава адлюстраваць. А подзвіг - гэта ўжо фінальная кропка, гэта падзея, якой наша гісторыя завяршаецца.

У спектаклі заняты Ірына Яромкіна, Антон Краўчанка, Марына Вежнавец, Такатошы Мачыяма і іншыя.

Вольга ІВАШКА

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно