1467

Міжмор’е літаратур. Чытанні, дыскусіі, прэзентацыі літаратурнага форума

"Аргументы и факты" в Беларуси № 31 01/08/2017
Літаратура можа быць добрай прамоўцай краіны ў свеце. Святлана Алексіевіч сустракаецца з Далай-ламай у ЗША.
Літаратура можа быць добрай прамоўцай краіны ў свеце. Святлана Алексіевіч сустракаецца з Далай-ламай у ЗША. Фото из открытых источников

12-13 жніўня ў арт-вёсцы «Каптаруны» пройдзе ІІ Міжнародны літаратурны форум. Хто прыме ўдзел і якія праблемы будуць абмяркоўвацца на форуме, «АіФ» расказаў яго арганізатар - мастак і літаратар Артур КЛІНАЎ.

- На сёлетнім форуме мы чакаем гасцей з Украіны, Польшчы, Літвы, Германіі. Канцэпцыя фэста - «Міжмор’е літаратур». Калі сёння такое аб’яднанне немагчыма на палітычным узроўні, то культурнаму «міжмор’ю» нічога не перашкаджае. Будзе вельмі насычаная праграма з чытаннямі і дыскусіямі.

Праблемы

- Ці будзе абмяркоўвацца праблема распаўсюджання, папулярызацыі літаратуры? Зараз няма адпаведнай інфраструктуры, і шырокая грамадскасць амаль нічога не ведае пра сучасную беларускую літаратуру…

- Думаю, гэтая тэма будзе ўзнікаць ва ўсіх дыскусіях. Нам таксама цікава паслухаць пра досвед калег з іншых краін, бо праблема падтрымкі і развіцця літаратуры індывідуальная для кожнага рэгіёна. У Польшчы ці Германіі, напрыклад, існуе сур’ёзная літаратурная індустрыя, бо там вялікі рынак. Малым краінам цяжэй, бо чытацкая аўдыторыя ў разы менш. Але трэба адзначыць, што попыт расце. Калі 10 гадоў таму наклад кнігі сучаснага беларускага аўтара ў 300 экземпляраў лічыўся вялікім, зараз і наклад у 3000 добра раскупаецца. Гэта сур’ёзны рост, які, спадзяюся, будзе ўплываць на развіццё ўсёй кніжнай індустрыі. Але, зразумела, такую галіну, як у той жа Германii, у нас пабудаваць немагчыма: гэта зусім іншыя лічбы. Літаратуры малых краін з насельніцтвам менш за 10 мільёнаў мусяць мець падтрымку дзяржавы, на адным камерцыйным фундаменце літаратурнай індустрыі не збудуеш.

Прагалы

- А ці магчымая кааперацыя (капрадукцыя) краін, сумеснае выданне, напрыклад, альманаха сучаснай літаратуры Беларусі і краін-суседзяў, што магло б пашырыць рынак і зменшыць фінансавыя выдаткі ўдзельнікаў?

- Магчымая. Але адное толькі выданне часопісаў не вырашыць праблему. Літаратура зараз больш пабудавана на раманах, што патрабуе выдання кніг. Усё ж такі патрэбна сістэмная падтрымка з боку дзяржавы. У Польшчы існуюць інстытуцыі, якія выдаюць гранты на пераклады сваёй літаратуры для яе распаўсюджання ў свеце. У Германіі таксама працуе гіганцкая машына па прэзентацыі нацыянальнай літаратуры за мяжой. У Беларусі такіх інстытуцый пакуль няма, і наша літаратура на еўрапейскай прасторы невядомая, за выключэннем лічаных аўтараў і кніжак. Святлана Алексіевіч - гэта, безумоўна, прарыў, праз яе пра нашу краіну даведаўся ўвесь свет.

Размовы пра дзяржаўную праграму прасоўвання беларускай літаратуры ў свеце вядуцца, але вынікаў пакуль няма. Гэта кепска, бо літаратура можа быць добрай прамоўцай краіны ў свеце.

Cтрачанае

- Якія цікавыя прэзентацыі адбудуцца на форуме?

- Будзе прэзентацыя кнігі Майсея Кульбака «Панядзелак», якая выйшла на нямецкай мове ў выдавецтве fototapeta у Берліне і атрымала рэзананс ў нямецкай прэсе. Майсей Кульбак нарадзіўся недалёка адсюль, у Смаргоні, і быў рэпрэсаваны ў 1937 годзе. Разам з гэтым адбудзецца дыскусія пра габрэйскую культуру, якая была адметнай часткай беларускай культуры, але амаль страчана, і мы павінны яе адраджаць.

ДАВЕДКА

Каптаруны знаходзяцца на скрыжаванні чатырох культур: беларускай, літоўскай, польскай і габрэйскай, а геаграфічна - на беларуска-літоўскай мяжы (200 км ад Мінску, 50 - ад Вільні, 9 км - ад гарадка Лынтупы), а таксама на мяжы трох беларускіх абласцей. У ваколіцах - шмат помнікаў паганскай культуры (капішчы), памятак пра паўстанне 1861 года. Дзеянні навэлы Праспэра Мэрымэ «Локіс» (мядзведзь-пярэварацень) адбываліся менавіта тут.

Каб прыняць уздел у, трэба зарэгістравацца праз сайт: https://kaptaruny.com.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно