5079

Манахі-камуністы. Як у Пінску 140 гадоў праіснаваў «камуністычны» ордэн

№ 36 от 3 сентября 2014 года 03/09/2014

36-06-1«Дапамагаць адзін аднаму»

Ордэн барталамітаў-камуністаў быў заснаваны ў Зальцбургу ў 1640 годзе ксяндзом Барталамеем Хольцгаўзерам. Гэта было аб’яднанне каталіцкага «белага» духавенства, да якога адносіліся толькі ксяндзы. Сябры ордэна мелі даволі камуністычныя па сённяшнім разуменнi абавязкі: жыць сумесна, мець агульны прыбытак, дапамагаць адзін аднаму. Пры гэтым камуністы ў рыма-каталіцкім касцёле з’явіліся за 150 гадоў да «Маніфеста камуністычнай партыі» Карла Маркса.

З 2-й паловы XVII ст. камуністы засялялі ўсё новыя краіны Еўропы. У Рэчы Паспалітай аб’яднанне з’явілася ў 1683 годзе з ініцыятывы каралевы Марысенькі. Першы манаскі дом «бартошкаў» (такую мянушку яны атрымалі ў Рэчы Паспалітай) паўстаў у Гуры-Кальварыі, другі - у Беражанах.

У Вялікім княстве Літоўскім адзіны дом барталамітаў быў заснаваны ў Пінску ў 1695 годзе.

З новым касцёлам

Першыя барталаміты-камуністы прыехалі ў Пінск з Паўночнай Італіі. Для іх у Караліне, на той час прадмесцi Пінска, быў пабудаваны драўляны касцёл. Камуністы былі свецкімі ксяндзамі і займаліся выкладаннем навук і выхаваннем моладзі, якая вырашыла пайсці ў святары. У Пінску, як і ў іншых гарадах, яны мелі сваю семінарыю.

У 1770 годзе на месцы драўлянага касцёла пачалося будаўніцтва каменнага. Новая святыня была гатовая ў 1782 годзе, але яе асвячэнне адбылося толькі ў 1784 годзе. Новы касцёл быў названы ў гонар святога Карла Барамея - аднаго з самых актыўных дзеячаў Контррэфармацыі.

У новым будынку камуністы, аднак, доўга не пражылі. Ордэн прыходзіў у заняпад, а ў 1836 годзе, калі памёр апошні ксёндз-камуніст Ісідор Кантановіч, барталаміты назаўжды зніклі з Пінска. У 1850 годзе іх афіцыйная дзейнасць скончылася і ў Польшчы. Барталаміты-камуністы маглі ўвогуле знікнуць, калі б у 1903 годзе Папа Пій X не ўзяў ордэн пад уласную апеку. У 1913 годзе ордэн быў адроджаны і рэарганізаваны ў Францыі, але да Беларусі гэта ўжо не мела ніякага дачынення.

Барочная цацка

Пасля смерці апошняга ксяндза-камуніста ў Пінску касцёл святога Карла Барамея быў закінуты больш як на дваццаць гадоў. У 1860 годзе пачаўся добраахвотны збор грошай на яго рамонт. Пасля рамонту касцёл быў асвечаны ўжо пад імем Святой Троіцы. А ў 1912 годзе ён быў далучаны да касцёла Унебаўзяцця Дзевы Марыі (сёння кафедральнага).

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР многіх святароў рэпрэсіравалі, а храмы пазачынялі. Такі самы лёс чакаў і касцёл святога Барамея. У 1960-я гады яго зачынілi. Калі б мясцовыя ўлады не пераабсталявалі святыню пад канцэртную залу, невядома, ці захаваўся б будынак унікальнага касцёла да нашых дзён. У падтрымку захавання святыні выказваўся пісьменнік Уладзімір Караткевіч: «Варта зберагчы гэтую барочную цацку, якой мог бы ганарыцца кожны еўрапейскі горад». У нашыя днi касцёл выкарыстоўваецца ў якасці гарадской канцэртнай залы.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно