6818

Як скаралі неба. 100 гадоў таму ў Беларусі пачалі лятаць першыя самалёты

№ 32 от 6 августа 2014 года 06/08/2014

Аэрадром у Лідзе

Папярэднікамі лётчыкаў у Лідзе была 9-я паветраплавальная рота Маньчжурскай арміі, якую туды перакінулі ў 1906 годзе, пасля вайны з Японiяй. Праз чатыры гады ваенны інжынер генерал-маёр І. Канабіх будуе пад Лідай лётнае поле з ангарамі і элінгамі - месцамі захоўвання дырыжабляў. Калі будаўніцтва было скончана, у Ліду перадыслакавалі яшчэ адну паветраплавальную роту, на ўзбраенні якой былі чатыры дырыжаблі.

32-35-2У 1912 годзе пад Лідай пачынаецца будаўніцтва аэрадрома, які мог прымаць самалёты. З дакументаў вядома, што ў 1913 годзе тут прызямляліся і дырыжаблі, і самалёты. На базе аэрадрома ствараецца авіяцыйны цэнтр, у які ўваходзяць чатыры корпусныя і два армейскія авіяатрады.

Што да самалётаў, то да вайны ў Лідзе былі толькі французскія. Але ў 1915 годзе на ўзбраенне сюды паступаюць дзесяць самалётаў «Ілья Мурамец» канструкцыі Ігара Сікорскага. Восем з іх былі баявымі, два - вучэбнымі. Яны сталі асновай Эскадры паветраных караблёў (ЭПК) - першага ў свеце падраздзялення ваеннай авіяцыі, узброенага шматматорнымі самалётамі.

Пакуль Ліда не была захоплена немцамі, на базе аэрадрома праходзілі заняткі з афіцэрамі Эскадры паветраных караблёў па праграме авіяцыйных школ.

У 1915 годзе рускія войскі адступілі, і Ліда перайшла да немцаў. Потым горад разам з аэрадромам не раз пераходзілі з рук у рукі: да палякаў, «першых Саветаў», «другіх немцаў», «другіх Саветаў», пакуль нарэшце Беларусь не атрымала незалежнасць. Дзеючы аэрадром застаецца самым старым у Беларусі і адным з найстарэйшых аэрадромаў, якія не прыпынялі сваёй працы.

Пасадка ў Оршы

Сікорскі прызямляўся на сваім «Ільі Мурамцы» ў Беларусі яшчэ за год да прыбыцця ў Ліду. У чэрвені 1914 года Сікорскі ляцеў на самалёце з Пецярбурга ў Кіеў. На сваім шляху ён зрабіў два прыпынкі: запланаваны ў Оршы і незапланаваны - пад Копысем. Гэты пералёт падрабязна апісаны ў кнізе Генадзя Катышава і Вадзіма Міхеева «Крылы Сікорскага»:

«Калі экіпаж выйшаў з самалёта, яго акружыў узбу-джаны натоўп. Усе стараліся чым-небудзь пачаставаць пілотаў, дакрануцца да іх, да людзей, якія спусціліся з нябёсаў, задавалі масу пытанняў».

Пасля кароткага перапынку экіпаж накіраваўся далей. Паколькі самалёт не быў абсталяваны прыборамі для начных палётаў, у Кіеў трэба было прыляцець яшчэ да цямна. Неўзабаве пасля вылету з Оршы самалёт стаў губляць вышыню і ледзь не разбіўся, калі прарвала бензаправод. Ад раскалёнага рухавіка ўспыхнуў бензін і загарэлася крыло самалёта. Механік Лаўроў, які тушыў полымя, сам загарэўся, і давялося тушыць яго самога. Трэба было тэрмінова садзіць самалёт. Наперадзе і па баках былі лясы, і Сікорскі развярнуў пылаючую машыну на 180 градусаў, каб вярнуцца да пабачанага раней жытняга поля.

«Пасадка ўдалася. Усе сышлі на зямлю. Цяпер можна шырока, поўнымі грудзьмі ўдыхнуць водар кветак, адчуць спакой і цішыню зямлі».

Да тэмы
У аграгарадку Баруны Ашмянскага раёна ў 2009 годзе паставілі помнік экіпажу бамбардзіроўшчыка «Ілья Мурамец». 25 верасня 1916 года «Ілья Мурамец» быў падбіты ў баі з чатырма нямецкімі вынішчальнікамі, тры з якіх былі збітыя. Лётчыкі экіпажа - паручыкі Дзмітрый Макшэеў, Мітрафан Рахмін, Фарух-Ага-Махмед Гаібаў і кадэт Алег Карпаў - да таго як ім быў пастаўлены помнік, былі пахаваны немцамі на сваіх могілках і падпісаны як «чатыры невядомыя рускія лётчыкі».
Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно