3319

«Elen Carotte»: мы не ствараем моду – мы ўводзім культуру

Шмат хто з нас успрымае гісторыю як музейны  экспанат.  Вось адбылася пэўная падзея, і цяпер яе можна спакойна ацэньваць, шукаць прычыны і разглядаць наступствы. Але насамрэч гістарычныя і культурныя працэсы – гэта дынаміка жыцця, тое, што адбываецца з намі цяпер і тут. Пасля і нашыя ўчынкі будуць аналізаваць нашчадкі ў падручніках.

carotte-logoНа ідэі жывога ўспрымання сваёй гісторыі і культуры заснаваны праект «Майстэрня Elen Carotte», які ставіць сваёй мэтай вывучэнне і развіццё нацыянальнага адзення. Яго стваральніцы Алёна Маркоўка і Наталля Кажушкова, спецыялісты ў галіне канструявання адзення з 25-гадовым стажам, захапіліся народным строем ужо даўно.

«Калі мы пачалі працаваць з беларускім арнаментам і традыцыйным строем,  – расказваюць яны, – ідэя развіцця нацыянальнага касцюма стала лагічным працягам. Бо кожнае слова павінна быць напоўнена сэнсам. А калі мы гаворым пра «беларускі народны касцюм», то словазлучэнне павінна стаць рэальным: касцюм жыве са сваім народам, а народ жыве ў нацыянальным строі, і абодва яны мусяць быць беларускімі. Большасць нацый (і мы таксама) заклапочаны менавіта захаваннем зафіксаванага на пэўны момант нацыянальнага адзення. Мабыць, толькі кітайцы актыўна прасоўваюць свой нацыянальны каларыт ў фэшн-індустрыю, ды скандынаўскія «сняжынкі-алені» на швэдрах і шаліках абышлі свет ужо неаднойчы».

carotte-01

Такая фэшн-адметнасць ва ўмовах глабалізацыі можа стаць неблагім прадуктам на міжнародным рынку. Напрыклад, канструктыўная школа Мюлера карыстаецца папулярнасцю ў свеце менавіта з-за сваёй спрошчанасці, але мае адмоўныя рысы, бо сістэма абстрактная, не прыстасаваная да канкрэтнай фігуры. А наш народны строй настолькі эрганамічны, адаптаваны да патрэбаў чалавечага цела і псіхікі, так тэхналагічна выкшталцоны, што ягоныя ўнутраныя канструктыўныя ды тэхналагічныя прынцыпы могуць утварыць дызайнерскую школу сусветнага ўзроўню. Больш за тое, «Elen Carotte» ужо мае методыку стварэння такой нацыянальнай школы канструявання  і працуе згодна з ёю. Рэакцыя замежных спажыўцоў ясна дае зразумець – гэта цалкам дасягальная мэта.

У свеце амаль ніхто не займаецца менавіта развіццём свайго нацыянальнага адзення (з розных прычынаў). Нам дасталася спадчына, якую можна смела лічыць тэхналагічным шэдэўрам, якая настолькі пластычная і мае такі высокі патэнцыял, што можа цалкам інтэгравацца ў любыя ўмовы з нязначнымі зменамі, і прытым заставацца выразна беларускай.

carotte-02

«Майстэрня Elen Carotte» з’яўляецца вынаходнікам і распрацоўшчыкам этна-дзелавога стылю. Нідзе болей у свеце этнічна-гістарычны касцюм не выкарыстоўваецца ў сучасным адзенні ў поўнай меры. Стыль, прапанаваны «Elen Carotte», дазваляе спалучыць класічны дрэс-код і этнічную адметнасць. Гэта найбольш перспектыўны напрамак для папулярызацыі нацыянальнага адзення ў паўсядзённым жыцці. Ён закранае і адзенне для офіса, і спецадзенне, і школьную форму. Нацыянальную школьную форму майстэрня прадстаўляе ўжо некалькі гадоў запар на Беларускім тыдні моды. Прадукт добра падрыхтаваны і адпавядае патрэбам і школьнікаў, і бацькоў, і настаўнікаў. Тут і патрыятычнае выхаванне, і экалагічнасць, бо ўся вопратка выканана з натуральных матэрыялаў.

carotte-05

Асобна трэба адзначыць бюджэтнасць, бо канструктыўная асаблівасць формы ад «Майстэрні Elen Carotte» – сістэма «форма расце разам з дзіцем».  Гэты эфект дае магчымасць рэгуляваць форму ў гарызантальным (па памеры)  і вертыкальным (па росце) напрамках. Такім чынам, дасягаецца выдатная пасадка па фігуры для кожнага вучня, а таксама ўлічваюцца ўзроставыя асаблівасці дзяцей і падлеткаў, якія растуць нераўнамерна.

Адзначым, што «Elen Carotte» працуе выключна з натуральнымі матэрыяламі, уласцівымі нашай мясцовасці. Найперш гэта лён – яшчэ адзін падарунак мінуўшчыны, цудоўны матэрыял, які мае незвычайныя ўласцівасці. Усе ведаюць, што ў спёку лён – самая прыдатная вопратка, бо ў ёй не горача. Але лён яшчэ і ў прахалоднае надвор’е захоўвае цяпло чалавечага цела, гэта прыродны антысептык, гіграскапічны і даўгавечны. Не апрацаваны хімічна лён утрымлівае крэмній і селен, таму ільняная вопратка і бялізна надзвычай карысныя для чалавечага арганізму: яны аказваюць седатыўны эфект наўпрост праз скуру. Менавіта з гэтай прычыны майстэрня прапануе дзеткам паўсядзённыя кашулькі з нябеленага, «шэрага» лёну, упрыгожаныя лёгкай вышыўкай.

carotte-04

Арнамент  у  «Elen Carotte» распрацоўваецца адмыслова для розных мадэляў. Гэта аўтарскі варыянт вышыўкі, заснаваны на «цытатах» традыцыйнага арнаменту.

Беларускі  арнамент мае геаметрычную аснову. Галоўным элементам з’яўляецца ромб, што гістарычна абумоўлена спосабамі вышывання і ткацкімі прыладамі. Тэхніка ткацтва, распаўсюджанага на Беларусі, не дазваляе ўтварыць на тканіне кола, замест яго атрымоўваецца ромб. Аднак да нашых дзён майстрыхі называюць гэты элемент колам – «кругам» або «вочкам». Адваротнае ўтварэнне ромба спараджае крыж (кола немагчыма вывернуць вонкі, а з «вывернутага» ромба  атрымоўваецца крыж). Гэтая дваічная сістэма беларускага арнаменту дае нам бясконцае мастацкае багацце матываў, дазваляе «запісваць» светапогляд, ідэнтыфікаваць свае нацыянальныя асаблівасці.

carotte-03

«Мы карыстаемся значэннем арнаменту, які зразумелы і лагічна абумоўлены, - расказваюць Алена і Наталля. – Вось, напрыклад, сонейка, кола з праменьчыкамі, як яго малююць дзеці, такі элемент і ў традыцыйным значэнні чытаецца сонцам. А вось зямля – кола з праменьчыкамі ўнутр, таксама зразумелы вобраз і для нас, сучасных людей. Вясною сонца сагравае зямлю, значыць знак «зямля» памяшчаецца ў «сонца» – і вось ён «пачатак жыцця»! Каласок падобны да каласка, маленькі ромбік падобны на семку-зярнятка, шмат зярнятак, сабраных у некалькі колаў – знак хлеба (кожная гаспадыня, якая пячэ бліны, можа прачытаць гэты знак). З такіх падставовых вобразаў і «запісваецца» арнамент».

У планах майстэрні некалькі лініяў вопраткі, адаптацыя верхняга адзення беларусаў да гарадскіх умоваў, мужчынскі класічны касцюм з нацыянальнай адметнасцю, сувенірная прадукцыя.

«Мы не ствараем моду – мы ўводзім культуру нацыянальнага адзення ў сучаснае паўсядзённае жыццё. Гэты працэс мае вялікі патэнцыял, – упэўнены майстрыхі. - Натуральнасць, якасць, стыль – вось што зробіць беларускі прадукт каштоўным для саміх беларусаў. Наша задача – даць магчымасць ганарыцца сваім, каб кожны мог адчуць сябе творцам гісторыі, бо заўтрашні дзень фарміруецца ў гэты момант, цяпер і тут».

 

*на правах рекламы. ИП Морковко Елена Ивановна УНП 192312082

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно