1419

У БДЭУ адзначылi дзень роднай мовы Агульнаўніверсітэцкай дыктоўкай

Сустрэча гэтага года была асаблівая. Па-першае, таму што прысвечана не толькі Дню роднай мовы, але і 95-годдзю з дня нараджэння Васіля Быкава, які вельмі апекаваўся лёсам беларускага народа. Па-другое, таму што ў якасці ганаровага госця мерапрыемства была запрошана народная артыстка Рэспублікі Беларусь, актрыса Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Таццяна Рыгораўна Мархель. Яна прэзентавала ўдзельнікам мерапрыемcтва тэкст дыктоўкі – урывак з аповесці Васіля Быкава “Альпійская балада”.

Пасля таго, як дыктоўка была напісана, Таццяна Рыгораўна падзялілася са студэнтамі  сваімі ўспамінамі пра сустрэчу з Васілём Быкавым. І пачала яна з таго, што праспявала беларускую калыханку. “Калыханка – самая блізкая дарога да сэрца,—пачала размову Таццяна Рыгораўна. - Каб людзі замест таго, каб рабіць гарматы, спявалі дзецям калыханку, магчыма б, і не было вайны”.

Сустрэча з Васілём Быкавым адбылася ў Таццяны Рыгораўны ў Віцебску, калі яна працавала ў  тэатры. “Калі я працавала ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры ў Віцебску, мы рабілі творчыя вечары і называлі іх “Тры Б” – Быкаў, Барадулін і Бураўкін - яны ж ўсе віцебчане, – працягвала Таццяна Рыгораўна. – А тут яшчэ  на Беларусьфільме пачаліся пробы на фільм паводле аповесці Быкава “Знак бяды”. Мне сказалі, што я буду дакладна іграць Сцепаніду. Сустрэча з рэжысёрам Пташуком была не адна. Дык вось аднойчы ён мне кажа: “Таня, а ты ведаеш, што сёння ў Быкава ў Доме афіцэраў творчы вечар. Паехалі!” Тады з намі быў Ніл Гілевіч, яго жонка і мая старэйшая дачка. І калі нам трэба было ад’язджаць з Віцебска, я зразумела, што згубіла білет. Сказала пра гэта Быкаву, а ён  у адказ: “Нічога, паехалі, я знайду білеты!” І вось бяжым мы па другім паверсе вакзала: тры жанчыны і Быкаў наперадзе: “За мной!” – як у атаку. Ён купіў білет, падарыў мне кветкі. Я села ў вагон.  І ведаеце, запомніла нумар вагона і з таго часу езджу толькі ў вагоне пад гэтым нумарам.

Ох! Як можна было не закахацца ў Быкава! Аднойчы я была з дзецьмі ў Вілейцы, сабрала кветкі з поля, з лесу ў прыгожы букет, прыйшла на Танкавую, дзе жыў Быкаў, села пад домам і стала чакаць, пакуль ён будзе ісці -  хацела павіншаваць яго з днём нараджэння. 

Вось і зараз, калі я чытала ўрывак з аповесці “Альпійская балада”, чарговы раз уразілася – як выдатна ён піша… Наш беларускі талент”.

Судэнты з захапленнем слухалі вядомую актрысу. Асабліва калі яна дзялілася сакрэтамі сваёй бадзёрасці духу: “Не хочацца, каб цябе шкадавалі. Каб дапамагалі табе пераходзіць вуліцу. Божы свет такі харошы, такі цікавы. Пакуль жывеш – трэба радавацца гэтаму Божаму свету. Чалавечы свет, вядома ж, не такі, як Божы свет. Хоць, можа, гэта толькі мой узроставы пункт гледжання. Захапляйцеся, кахайце, прыдумвайце каханне. Жанчыны.. мы такія! Нам не абавязкова, каб чалавек быў такім, якім мы яго хочам бачыць. Галоўнае, каб мы кахалі… А ўсё астатняе мы самі дадумаем! Ведаеце, ніколі не думалася, што маладосць праходзіць, і вы не думайце пра гэта. Проста ведайце, што гэта вельмі шчаслівы час!”

Вольга КАМЛЮК.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно